Шукай каханне
Штоноч, штодня,
Каб зноў - спатканне
І - глыбіня…
* * *
Не-не, - каханне не падман,
А мімалётнасць асалоды,
Якая, нібы той дурман,
Рыхтуе путы несвабоды…
* * *
Салодкія путы - як помста нябёсаў.
А шлях несвабоды - пранізліва-босы.
А недзе - адхланне апошняга краю.
І тая сцяжынка - да нашага раю…
* * *
Несвабоды - не трэба!
Нават верыць не будзем,
бо яна цяжкай глебай
пакладзецца на грудзі,
і мы дотык імгнення
не адчуем ніколі…
І не будзе збавення
ад таго, што міжволі…
* * *
Калі знойдзе нас імгненне -
будуць дотык, захапленне,
і пявучыя далоні,
што пачнуць блукаць ва ўлоннях
аксамітавых начэй…
І маіх памкненняў гоні…
І святло тваіх вачэй…