Песня Мікіты
О, мая ж ты зорка ясна,
Доўга ж цябе любіць буду?
Уздыхаць яшчэ напрасна
I цярпець на сэрцы нуду?
Не будзеш ты літавацца
Над няшчасным Мікітою?
Час табе, міла, пазнацца,
Што ты для мяне мукою.
Цярплю доўга, выглядаю
Пацехі ад цябе, люба;
Няхай жа ўжо яе маю,
Не будзь ты для мяне згуба.
Ці ж дагэтуль не пазнала,
Што я за табою гіну?
Хочаш жа, каб аглядала
Маее смерці гадзіну?!
Пазнай, любая Аленка,
Твае шчасце, тваю долю;
Будзеш меці усютэнька,
Панее дам табе волю.
У мяне сотня авечак
Па зялёнай ходзіць пашы;
Кароў, бычкоў, целушэчак
Поўны есць аборы нашы.
Чарназемны мае нівы,
Пшаніцу родзяць буйную;
Садок есць, у нём грушы, слівы,
Хату маю некурную.
Не будзеш меці швагеркі
Ані з дзевера назолы;
Я не прывык да кватэркі,
Будзеш жыці, як анёлы.
Не вельмі ся тож і брыдкі,
Глядзеўся ў чыстом ручаю;
Гэта ужэ былі б збыткі
Назваць мяне негадзяю.
Эй любі мяне, Алёнка,
Застань маею жаною;
Узойдзе для нас шчасця слонка,
Добра будзець з Мікітою.