Васільковыя, сінія вочы,
Не пазнаць вашых дум-таямніц!
Калі вецер бярозу паточыць,
Дык і дуб нахіляецца ніц.
Так і сэрца маё спаляцела:
Зірк вачэй для мяне быў агонь.
Стрэў на пожні яе з тварам белым,
Стрэў і сціснуў далонямі скронь...
З тых часоў у маіх вандраваннях
Сэрца сочыць блакіты вачэй
І гучыць у напевах-прызнаннях
Сіні колер званчэй і званчэй.
Я не першы ў гады маладыя,
Калі сэрца крыніцай бурліць,
Заспяваў пра блакітныя тыя
Вочы, поўныя дум-таямніц.
Не шкада залатога дзяцінства,
Адцвітуць усё роўна сады:
І на цяжкіх і лёгкіх гасцінцах
Чалавек толькі раз малады.