Шчасьця ўсе па дарозе вам зычылі,
Пад дугою зьвінелі званкі,
Млынары, па даўнейшаму звычаю,
Прыпынялі знарок ветракі.
Каб вясельле вясёла кацілася
Па зямлі, покуль воку відно,
Каб жыцьцё, як вятрак, не круцілася,
Каб на радасьць было вам яно.
Сьціх і вецер, у крылах лапочучы,
Пасыпаючы цьвеценьню пуць,
Разам з жытнімі хвалямі хочучы
У шчасьлівыя твары зірнуць.
Нат на момант зямля прыпынілася
І на ўласнай застыла асі,
Каб запомніць: і як вам любілася,
І як лёгка вас коні вязлі.
Ўсё найлепшыя фарбы знаходзіла,
Перайначвалася на вачах.
Як раней толькі сонца ўзыходзіла,
Заліваючы промнямі шлях.