Калі кіпяць сады ў салодкім маі
І сыціцца зямля ад навальніц,
Я адчуваю, быццам незямная,
Я – лепшая з тутэйшых маладзіц.
Дзіўлюся і сама шчаслівым зменам,
Якія адбываюцца са мной.
Хай толькі хто не стане на калена
Перад такой багіняй незямной.
Хай паспрабуе толькі хто адмовіць
У хуткім вальсе каля трох бяроз,
З якімі я даўно ў вясёлай змове:
Злачынцу адпраўляць на востраў слёз.
А там, дзе правіць баль пяшчота мая
І ў водары разліт жаданы грэх,
Адзінае каханне абдымаю,
Вальсую я пад яблыневы снег.