ЯШЧЭ НЕ ПОЗНА

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Спявайце, нібыта вас ніхто не чуе,
Танцуйце, быццам вас ніхто не бачыць,
Кахайце, быццам вам не прычынялі боль,
Жывіце, быццам рай ужо на зямлі.
Вальтэр Скотт

Ах, Вальтэр Скотт, твае радкі
Ўва мне ўвесь свет перавярнулі,
Старонкі лёсу разгарнулі –
І цемра знікла.
Маякі
Святлом чаканым прыхінулі.

Нанова танцаваць вучу
Стамлёныя ў дарогах ногі.
Няхай суддзя не сочыць строгі,
Бо я і ў песні не змаўчу,
Аббіўшы чужакоў парогі.

Танцую, значыць, не для вас,
А для сябе – душа спявае.
Дакуль? – Пакуль яшчэ не знаю,
Танцуючы, як першы раз, –
Ад бед, згрызот адпачываю…

Кахаю, як ніколі боль
Мне насамрэч не прычынялі,
І мы любошчаў тых не зналі,
Што зведалі тады з табой,
І толькі ў памяць увабралі.

Жыву, жыву, нібыта рай
Сышоў у мой пакой таёмны,
І я на ўсё сягоння здольна,
Мяне як шчасце выбірай,
Пакуль… пакуль яшчэ не позна.