Тост
Сястрычцы Надзі
і яе мужу Аляксандру
У дзень народзін каб сказаць
Сапраўднае для тоста слова,
Мінуласць з вечнасцю звязаць
І быць прамоўцам адмысловым,
Напэўна, неабходна стаць
На шлях, што зведаў імяніннік,
Ці вельмі шчыра прыгадаць
Прыгожы міг, калі гадзіннік
Шчасліва стрэлкамі злучыў
Сястру маю з аднавяскоўцам…
Каму ўдалося памагчы –
Ці Зоі , Надзінай сяброўцы,
Ці свёкру, што ўпадабаў
Наперад слаўную нявестку,
Ці то пачуццяў барацьба
Звязала назаўсёды ўлетку?
З тае пары, як бачыць Бог,
Стаў сваяком Арлоўскі Саша,
Яго кватэра і пірог,
І соль, і хлеб – таксама нашы.
Прыгожы, шчыры працаўнік,
Гасцінны гаспадар і бацька.
Што год яго народзін – Бык,
То гэта нават добра, Надзька.
Упарта ранкам устае,
Каб паспяшыць хутчэй на працу,
І каву ў ложак падае
Настойліва. Як адмаўляцца?
Яго духоўны бачым рост,
Ў вачах сястры чытаем шчасце.
За гэта прамаўляем тост
І за “Пагоду” ў вашай хаце.