Забыўся, ці проста стаміўся
Ад розных жыццёвых нягод.
Ты нават даўно мне не сніўся,
Схаваўшыся за гарызонт.
За лесам, за рыскаю рэчкі,
Гуляе там рэха – як боль,
І ўспомніць цябе – небяспечна,
Хоць з рэхам сустрэцца дазволь.
Дазволь цябе памятаць сонцам,
Заранкаю доўга гарэць,
Дазволь цябе раніцай роснай
Аднойчы, як Бога, сустрэць.