Ты чакала мяне, як ралля
першы дождж пасля чэрвеньскай спёкі.
Ты чакала – у небе Ілля
спахмурнела вышукваў аблокі.
І нарэшце настаў гэты дзень,
ад світання да зор сумнавокі…
Хмельны час несупынных залеў,
час кахання раллі і аблокаў.
Ты чакала мяне – я прыйшоў.
Не суддзёй, не святым, не прарокам,
а грахоўным дажджом, яснатой
на вясёлкавым сподзе аблокаў.