Была узрушанасць парыва,
была даверлівасць цяпла...
Любві магчымасць апаліла,
магчымасць шчасця апякла.
Гарэў, як пацалунак лёсу,
на нашых вуснах той апёк,
калі мы засыналі позна
і гас лясны наш аганёк.
Сны наплывалі, нібы хвалі,
за хваляй хваля — сон за сном.
Мы ў сне, шчаслівыя, ляталі...
Ды дзень стаіўся за акном.
I потым стукаў асцярожна,
сінеў цвяроза у акне.
Мы абуджаліся трывожна:
"Наяве ўсё было ці ў сне?"
Глядзелі сумнымі вачыма
у неасветлены куток,
і ўспамінаўся нам радок:
"А шчасце так было магчыма"