Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гудзела, гуло ва ўсім маім целе.
А з целам была заадно і душа —
суладна яны звінелі, гудзелі.
Як мора ў бераг,
так біўся той гул
ў мае барабанныя перапонкі.
I мроіўся белы, рамонкавы луг:
ад краю да краю бялелі рамонкі.
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гуло і звінела ва ўсёй істоце.
Гуло на высокай пранізлівай ноце.
I я зразумеў —
о, шчасце! О, жах! —
што значыць той гул,
што значыць той луг.
Я быў закаханы.
Я быў, як усе мы.
I я, як звяно, уключаўся ў ланцуг
кахання, яго ўсепланетнай сістэмы...