Дык чаму ж я ліст не напішу
той дзяўчынцы, птушцы басаногай,
што так рана раніла душу
і так позна выйшла на дарогу.
Ці ж забыты: лёгкая смуга,
над далінай стомленыя хаты,
і юнацтва сумная туга,
і кахання прывідныя шаты?..
Ці ж не помню: кнігавак сям'ю,
боль ад песні жаласнай і шчырай,
нібы я каханую сваю
адпраўляў за кнігаўкамі ў вырай?..
...У краі далёкім залатым,
як дакор, ад вечара да рання
сняцца мне вясеннія сады
з басаногай птушкаю кахання.