Матылёк

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

З цяжкое вандроўкі
і пёкся, і мок —
да вокан сяброўкі
імчыць матылёк.

З далёкага краю
так лёгка ляціць —
сяброўка чакае,
сяброўка не спіць...

He знае вандроўнік,
што тоўстае шкло
закрыла ўваход
у краіну Было,

што ў светлым куточку
пад назваю Ёсць
ён сёння паўночны
няпрошаны госць.

...З верай святою
ў любоў і святло
ляціць матылёк
на халоднае шкло.