Дзед

Яшчэ не ацэнена

Была ў дзеда дудка,
Была ў дзеда люлька,
Была ў дзеда падружанька
Сівая бабулька.
Дудачка іграе,
Сэрца пацяшае,
А закурыць дзедка люльку —
Гора забывае!
Цешыць дзедка дудку,
Цешыць дзедка люльку,
Клапоціцца ля яго
Сівая бабулька.
Ўсё суседзі хочуць знаць...
Раз, кругом пасеўшы,
Сталі ў дзедачкі пытаць,
Хто яму мілейшы.
Дзядок кажа — дудка,
Бабка кажа — люлька...
Людзі думаюць сабе:
"Ой, мусіць, бабулька!.."
Усё ж ніхто не мог пазнаць
Дзедавай натуры,
Места праўду адказаць —
Толькі люльку курыць.
Ўсё ад раніцы гудзе,
Ўсё на дудцы йграе,
А на бабку — прыйдзе дзень —
Увагі не звяртае.
Ўскалыхнуўся цэлы свет,
Б'юцца людзі брацця,
Ціха толькі дзед жыве,
Хваліць бога ў хаце.
Толькі шчасце у людзей
Доўга не трывае,
I да дзеда адзін дзень
Смерць прыйшла ліхая.
Дзеда дома не было —
Ён з дудой і люлькай
Пайшоў рана на сяло,
Пакінуў бабульку.
Бабка сцяміла, што ёй
Смерць дзядочка скосіць...
Паківала галавой,
Гэтак смерці просіць: —
Места дзеда лепш мяне,
Смерць, вазьмі, ліхая!..
Хай дзядок яшчэ жыве,
Хай на дудцы грае!
Мае радасці ён тры,
Я ж з усіх найменша,
Дык мяне ты забяры —
Дудачка пацешыць!
А для смерці ўсё адно:
Душаньку хацела,
Дзед ці баба ж не відно,
Бо душа без цела...
Ды, забраўшы бабін дух.
Паляцела далей,
Бо другія ўжо вакруг
Там яе чакалі...
Ой, прыйшоў дзядок дамоў,
Не жыве бабулька...
Не хапіла ў дзеда слоў,
Пакацілась люлька...
— Ах, бабулька, — плача дзед, —
Чаму ж не паждала?
Пацямнеў мне белы свет
Як цябе не стала...
Сеў ён сумна ля акна;
Заіграла дудка,
Сумна плакала яна,
Ды й замоўкла хутка...
Ўжо не будзе болей граць,
Люлька дагарэла...
Прыйшлі людзі ды глядзяць —
Без душы ўжо цела...
Другім страшна, як памруць,
Дзед памёр іначай.
Поўна радасці у твары —
Ён бабульку ўбачыў...
Любіў дзедка дудку,
Любіў дзедка люльку.
Ўсё ж мілей за ўсіх была
Сівая бабулька.

Іншыя вершы аўтара