Ёсць два словы, займеннікі два,
Што ратоўча гучаць з нематы
І якім падуладна трава,
Лесу гонкага шолах густы.
Ёсць два словы, займеннікі два –
Я і Ты.
Тыя словы разбудзяць сінеч,
Тыя словы народзяць зару,
Разарвуць цемру ночы, як меч,
Сонца ўздымуць увысь-угару.
І тады заблішчыць сінява,
Загарацца ад промняў лісты...
Ёсць два словы, займеннікі два –
Я і Ты.