I сніў Адам...

Яшчэ не ацэнена

Н.Н.

Ў той дзень зямля святло і празарэнне
Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,
Не зведаўшы яшчэ грэхападзення, —
Як кветка, як алень, як зоркі спеў.
Травою пахнулі яго далоні,
Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.
А побач верылі дрымотна коні
У вечны свет без бойняў і сядла.
I сніў Адам:
Камета ўстала ў небе
Барвяным страшным зракам — і тады
Крывёю пачала сачыцца глеба
I згінулі эдэмскія сады.
I пакаціўся ён, бяздольны, голы,
Як пералёт, адсохлы на карню,
Насустрач болю і насустрач волі,
Насустрач злу і сернаму агню.
I сніў Адам:
Зямля ў глыбінным лоне
Няволю нараджае для жывых.
Дрымотныя, даверлівыя коні
Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.
I сніў Адам:
Да светлых зор сусвету
Імчыць, як лямант, шматвяковы жах —
Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,
Рагнеды плач і Хірасімы прах,
I дыбіцца шалёны свет гарою
Над цалаванай брызам і вадой,
Карункавай ад сонца і прыбою,
Блакітнаю каралавай градой.
...Туды... сюды...
...Туды... сюды...
Над прыскам,
Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,
Бязгучная гайдаецца калыска,
Як паміж небам і зямлёй труна.
...I плакаў ён,
Хаця ў праменнях сініх
Эдэмская купалася зямля,
Бо лепш у самым чэраве загінуць,
Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.
Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!
Нашто стагоддзі беспрасветных мук?!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
I Ева падышла і працягнула
Далоні сонных і пяшчотных рук.
I ён з трывогай, з радасцю няпэўнай
I з мужнасцю суровай, як праклён,
Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай,
Бо ён любіў...
Бо добра помніў сон.