Каханне

Яшчэ не ацэнена

Ці помніш ты, Ганна,
Шчаслівы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

А Нёман спакойна,
Спакойна дрыжаў,
І месячык ясны
На нас пазіраў.

Драў горла ў лозах
За рэчкаю драч,
І грукаў у сцену
Рагамі маркач.

На жэрдзе мы селі
У мроку маўчком,
І я прытуліўся
К табе плечуком.

Язык мне адняўся,
Я сліну глытаў.
А потым нясмела
Цябе запытаў:

- Скажы мне, Ганулька,
Ці любіш мяне?
- Люблю, - ты сказала, -
Аж сэрца мне схне!

І лапці з-за спіны
Мае ты зняла,
Анучы у Нёман
Ты мыць панясла.

Ганулька, Ганулька!
Павер, зразумей -
Я ў свеце не бачыў
Кахання шырэй!

На вуліцы Мурза
Яхімаў брахаў,
І стражнік пасвістваў,
Нагайкай махаў.

Я ж быў шчаслівейшы
На свеце батрак,
Ішоў, не баяўся
“Шнуроў” і сабак.

Ці помніш ты, Ганна,
Той светлы мамэнт,
Як граў раз на дудцы
Нябожчык Вінцэнт?

Іншыя вершы аўтара