Прыгажун вясковы Вася
Пакахаў дзяўчыну Касю
І хацеў ужо жаніцца,
Але Касенька пра прынца
Тайна марыла даўно,
Наглядзеўшыся кіно.
Прынца не знайсці на вёсцы —
Усе яны жывуць у казцы.
Не сустрэла яго Кася,
Заставаўся толькі Вася.
Быў Васілій сімпатычны,
Ды не надта рамантычны.
Жаніха каб перайначыць,
Ставіць Касенька задачу:
— У ясным небе, як сцямнее,
Адшукай Касіапею,
Гэта зорачка мая,
Так, прабач, завуся я.
Калі зорку тую знойдзеш,
Дык са мной да шлюбу пойдзеш,
Калі мне яе пакажаш,
Ты свой лёс з маім і звяжаш.
Вася крыху разгубіўся:
Вось табе і ажаніўся.
Хлопец чуў пра тыя зоркі
Мо, хіба, у песнях толькі.
Ведаў трактар, ведаў поле —
Не выдатнік быў у школе.
Як тут быць? Хто дапаможа?
Хто вярнуць дзяўчыну можа?
Непапраўнаю бядою
Вася дзеліцца з сястрою.
— Не сумуй, — сястра рагоча, —
Светку кліч, калі захоча.
Света зоркі разумее
І гадаць па іх умее,
Гараскопы ўсім складае
І прыбытак нават мае.
Не забыўшыся цукеркі,
Прыляцеў хлапец да дзеўкі:
— Есць у небе, разумееш,
Зорачка Касіапея,
Адкажы, Святлана, мне:
Знойдзеш ты яе ці не?
Светка хлопца суцяшае:
— Зорку ў небе адшукаем,
Знойдзем вам Касіапею...
Кавы, мо, пакуль сагрэю?
Дзеўка хлопца частавала,
А дакладней, стрэс здымала
То гарэлачкай, то півам —
Вася стаў амаль шчаслівым.
Ён да Светкі прытуліўся
І пра зорачку забыўся.
Вось і весь тут сказ пра Касю:
Акруціла Светка Васю.
Спаць яго з сабой паклала,
А пасля і жонкай стала.
Ой, дзяўчатачкі, глядзіце:
З неба зорак не лавіце.