Крыж на камені
У памяць аб Адаме Міцкевічы і Марыі Путкамер (Верашчацы)
Мясціны, дзе гулялі мы з табою,
Дзе нашы мроі, слёз святло пад вязам,
Да скону дзён застануцца са мною,
Бо толькі там з табой навек мы разам.
Адам Міцкевіч, “Да М***”
Паблізу вёскі Бальценікі Воранаўскага раёна ёсць камень-валун, на якім можна заўважыць выбіты крыж. Гэты крыж у знак вечнай вернасці выціснулі на камені закаханыя Адам Міцкевіч і Марыя Путкамер (Верашчака), якія тайком ад графа Путкамера сустракаліся ў бальценікскім гаі. Адам і Марыля дамовіліся, што той з іх, хто застанецца жыць пасля смерці другога, паглыбіць знак на камені долатам. Марыля перажыла Адама на восем гадоў.
“Палянка ў бальценікскім гаі.
Ля каменя. Пятніца. Пяць”…
Прыходзіць Адам, ёй ківае
і моцна імкнецца абняць.
Графіня Марыя Путкамер –
багіня ды муза яго.
І птушкі, і дрэвы, і камень –
як сведкі кахання таго.
Блакітныя вочы Марылі
заслоняць прыроды красу.
Марыля, Адам гаварылі
пра кнігі, пускалі слязу
і памятаць шэптам кляліся
заўсёды адно аднаго,
і словы той клятвы ліліся
гарачай і ціхай ракой.
“Кахаю да пасмы сівенькай”. –
“Кахаю да смерці пары”.
У доказ адданасці вечнай
на камені выціснуць крыж.
І вось абяцанне даецца
ў гаі ва ўрачыстых танах:
“Хто з нас у жывых застанецца,
паглыбіць той долатам знак”.
Давалі яны абяцанне
быць вернымі, помніць, кахаць…
Спаткання таго апісанне,
натхнёны, я вырашыў даць.