Не набіваюся я на дружбу,
Позна пісаць такія лісты.
Недзе ж далёка кашулі мужу
I дачцэ кашулькі мыеш ты.
Абмываючы пеннае мыла,
Выціраючы пот, што на лоб узбег,
Ты мяне, такога маўклівага,
Ці успомніла хоць на смех?
Што ж... успомніць мяне магла ты...
Усё ж вучыліся мы гады.
Нават палена сукаватае
Ўспомніць можна сяды-тады.
Кім я быў табе? Проста нехта,
Хто чытаў анатомію і не чытаў,
Хто з памылкамі і без памылак рэцэпты
На дошцы некалі напісаў.
О, каб ведала ты,
Як каўнер мне быў цесны,
Калі вы ў кіно ішлі ўдваіх,
Як хацеў я памерці і ўваскрэснуць
Ля тайны матчынай вуснаў тваіх!
О, каб ведала ты, як начамі
Я мроіў табой... Як хацеў я з табой
Аж у самае Сонца, нібы ў яму,
З планеты Зямля ўрэзацца ўніз галавой,
З планеты, з таго куточка роснага,
Дзе малочны туман над балотам спіць,
Дзе не раз ля дуба туліўся я босы
З гладышкам намоклых чарніц.
Знаеш, я "філосаф" не той даўно ўжо,
Не гляджу маўчуном з кутка.
Мне калечкам ружовым ножак
Абвівае шыю дачка.
Ці шчасліў жа я, зведаўшы блізка
Ўсё, чым лёс быў са мной у даўгу,
Ты спытаць мяне можаш. Нізка
Звешу я галаву,
Прыкушу за краёчак вусны,
Чаравікам пясок прытапчу,
Сцісну пальцамі пальцы да хрусту,
Уздыхну і... прамаўчу.
Час імчыцца, віхурыць-кружыць,
Сыпле дождж, сыпле снег на дамы...
Што ж жыві!.. I кашулі мужу
I кашулькі дачцэ сваёй мый!
Я ж адным буду трохі ўсцешаны:
Ты мой цень не адгоніш прэч
I ліст гэты, напісаны вершам,
Не шыбнеш на расправу ў печ.