Мачыха

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Па зямлі віхор пагнаўся,
З буйным ветрам паспіраўся.
Віхар туманочкам ляцеў,
Чорну буру відзець хацеў.
Бура да Нямна хадзіла
I чысту воду муціла,
I з беражочка ў беражочак
Калыхала ўвесь Нямночык.
Сваей нотай зарыкнула,
На бяседу заклікнула:
"Туманы! Цёмныя хмары!
I ты, круты віхар у пары!
На бяседу прыляціце
Дый на мяне паглядзіце!
Бо сягоння ж праз рэчаньку
Будзе плысці ў чоўніньку
Дзяцюк, што смеў пахваліцца:
"Ён... мне, чорнай, не баіцца!!"
I засмяялася страшна,
I бліснула злосцю ясна,
I сцягнула яшчэ скарэй,
Каб той дзяцюк паплыў смялей.
Ажно вада тое чула
I па беражках плюснула.
Барочку пена сказала,
Што ўжо бура віхар звала.
"Што!!! — расшумеўся барочак, —
Ці гэта я не літоўчык?!
Каб дазволіў буры гукаць,
Цераз сосны віхрам веяць!
Пачакайце нямножка:
Не сюдымі вам дарожка,
Не на тое сосны расціў,
Каб вас у родну зямлю пусціў,
Не на тое бары раслі,
Каб тут вецер чужы ўняслі!!!"
Пасля азваўся Нямночык:
"А я ж гэта — не літоўчык?!
Ці ж я буду сябе бурыць,
Ці ж дазволю сваіх тапіць!
Ці ж я смелінька не плыну
Дый і буры не падкіну!
О! Не знала, то пазнае,
Яку ваду Нёман мае!
Я ж у лужах купаюся,
Па ніўках рассцілаюся,
З віцінамі праплываю,
Літоўскае сэрца маю!
I пярвей высахне мора,
Як мне з вадой змуціць бура.
Пярвей увесь свет у вадзе стане,
Як мой сваяк у дно гляне!
Не на тое я разліўся,
Не на тое мяне бог стварыў,
Каб роднага брата забіў!"
А бура над рэкай стала
I гутаркі — не пазнала!

***

З таго месца на рык вала
Маленькая хата была,
Каля хаткі — будровачкі,
А ў хатцы — літовачка.
Сягонняшняга дзянёчка
Меў плыць мілы ў чаўночку.
Літовачка ля аконца
Стаяла, як бледна слонца,
I ў неба паглядала,
I да мачыхі казала:
"Скажы ж ты мне дый, маці,
Ці нястрашна цяпер гнаці
Цераз Нёман? Ды ці чоўна
Не набяжыць вады поўна?"
Чужа маці адгадала,
Чаму дзеўчына пытала.
Ёй мілага не любіла,
У лыжцы б вады ўтапіла.
"Вот! Ці не твой то смяляк,
ІІІто лоб круціць усяляк,
Ізноў прыедзе заляцацца?
Прашу яму адказацца,
Што гэта дый мая хата,
Я тут на волю багата!
Каб не казаў тут пышнага!
Ды што яму тут лішняга?"
Літовачка ўздыхнула,
Пайшла — дзверы адамкнула.
Не баялася грымотаў
Дый адчыніла вароты,
Белы ручкі заламіла
I, плачучы, гаварыла:
"Ох, матулька! Нашто ж мяне
Чужой волі і людзіне
Аставіла! Пакінула!
Мяне ж доля памінула,
Я ж сіротка ў роднай хатцы!
Не схінуся к чужой матцы!
Бо яна ж мне чужа чужым!
Не злажуся і слоўцам адным.
Ці душа твая не гляне,
Як яна мяне ганяе.
Ты мне з мілым абручыла
I звянчала бы, каб жыла.
Яна ж кажа мне, маладой,
Каб ён згінуў дзе пад вадой.
Як яна стала так мовіць,
Здаецца, бы сэрца кроіць.
Аж кроў мая закіпела
I душа мая памлела!!
Грымот страшна так загрымеў,
А ён, пэўне, у чаўнок усеў!"