Я на градах мак збірала,
Ці паспеў — пакаштавала.
Спелы мак —
Самы смак.
Раптам — шась! — адкуль узяўся? —
Сын суседкі паказаўся.
— Што збіраеш рана мак? —
Запытаў Мяне юнак.
Ой сусед, ой сусед!
Залівае мае шчокі
Макаў цвет, чырвоны цвет.
З ім па вуліцы вясковай
Я ішла ў сукенцы новай.
I якраз
У гэты час
Каля клуба без прычыны
Прыгаварвалі жанчыны:
— Камары таўкуць свой мак,
Быць надвор'ю — добры знак.
Ой сусед, ой сусед!
Выдае мяне з табою
Макаў цвет, чырвоны цвет.
Сонца знікла ў лес зялёны,
Быццам макаў цвет чырвоны,
Ды ніяк
Не змоўкне мак.
У начной цішы нясмелай
Шалясціць галоўкай спелай.
Я ж паднесці да шчакі
Не магу сваёй рукі.
Ой сусед, ой сусед!
У грудзях маіх не вяне
Макаў цвет, чырвоны цвет.