Піла-вяртуха — звонкая гарэза —
Выкручваецца гэтак альбо так.
Мукой апілкі сыплюцца з надрэза,
Хоць падстаўляй прыгоршчы ці латак.
Я з бацькам дуб пілую на штандары
(Патрэбна ў хаце пераставіць печ).
А тут цямнее і находзяць хмары,
I не паспець мне — ведамая рэч.
Куды? Аб гэтым я адзіны знаю
I анікому ў свеце не скажу.
I, сцяўшы зубы, горка праклінаю
I дождж, і змрок, і золкую імжу.
Пакуль я буду вечарам імжыстым
Парадчыць круглякі на халадку,
Дзяўчына з кучаравым гарманістам
Шчасліва ходзіць недзе пад руку.
I мне ўжо не вярнуць яе — суровы,
Прыйду я да вясельнага стала:
Ці то ў маіх, ці то ў грудзях дубровы
Балюча ные сумная піла