Маладзік

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Як новы ў небе маладзік
У ноч святлом мігне,
Па ціхім беразе ракі
Прыйдзі спаткаць мяне.

Чакай, пакуль не скіне ён
Мне кладку на ваду, —
Пільнуй —
па светлай кладцы той
Раку я перайду...

Стаяў юнак цярпліва ноч,
Да ранніх жаўрукоў,
А новы ў небе маладзік
Над ім і не ўзышоў.

Чакаў яшчэ за ноччу ноч,
Стаяў, як вартаўнік,
Ды зноў
над берагам ракі
Не выйшаў маладзік.

Тады збянтэжаны юнак
Над жвірам, над пяском
У смутку роспачным сваім
Стаў сам маладзіком.

I ў небе засвяціўся ён
Жывым сярпом святла.
I ўбачыў з радасцю адтуль —
Каханая прыйшла.

Але не мог ён стаць ізноў
Шчаслівым юнаком.
А толькі мог каханай ён
Свяціць маладзіком.

Не мог і кліч падаць з нябёс,
А толькі з высі той
Праклаў ён кладку з серабра
Цераз раку прад ёй.

Дзяўчына, поўная тугі,
Мо сто разоў прайшла
Па кладцы той,
а юнака
Спаткаць і не змагла.

I стала так балесна ёй,
Так сэрца жаль апёк,
Што раптам пыхнула яна,
Бы яркі аганёк.

Дзе лес шуміць па-над ракой,
Заззяла-паплыла, —
То кветка-папараць тады
Там першы раз цвіла.

I з тых часоў — адзіны міг
З дубровы ці барка
Гарыць між траваў аганёк
У ноч маладзіка.

Адзін міг толькі, толькі міг, —
Быў аганёк і знік...
Ніхто не знае, дзе ён быў,
Зноў толькі — маладзік...