Вечар

Яшчэ не ацэнена

Дождж сціх, і запахла чаборам і доннікам.
Вяслуе ў задуме над рэчкай заход.
Далёкая песня...
Як мроя...
Пра конніка,
Што тут вось калісь ад'язджаў у паход.
Гукае дзяўчына зажурана:
— Косю...
З рукі абяцае вадой напаіць...
I голас... Знаёмы?.. Ці толькі здалося,
Што ў памяці ён
з дзён юнацтва стаіць?..
Нягучнае, думнае, добрае рэха
Нясе над залужжам нястоены жаль...
Вярнуцца заве... Хоць з тых дзён, як паехаў
Юнак, —
прамінула паўвека амаль.
Цвіце пасля ліўня ліпнёвая просінь.
Хоць вечар праз хвілю ўжо вочы самгне.
I песня не цішыцца:
— Косю мой, косю...
Каго яна кліча?..
Няхай бы мяне...