Малітва

Яшчэ не ацэнена

Як боль свой выказаць хачу я —
Твой боль з грудзей маіх імкне.
Хто без Цябе мяне пачуе?
Цябе хто ўчуе без мяне?

З табой разлучаны, я страціў
сябе самога; ён адзін —
супольны смутак сына й Маці,
глыбокай болесці зацін.

Да надзямнога Валадара —
у зле разлукі — Ты ці я
маліцца будзем: гушчу хмараў
мальба не ўзбурыць нічыя.

Яна не зрушыць засць начную
і беспрасвецця не міне.
Ён без Цябе мяне не чуе,
Цябе не чуе без мяне.

Вялікі цуд жыцця, збавенне —
далёка ад Цябе ў глушы
адчуць Твайго багаславення
на сэрцы хрэст, цяпло ў душы;

пачаць малітвай — і не дарам,
няхай у думках, нам, дваім,
размову з вышнім Валадарам —
маім Вызбаўцам і Тваім.

Малітва зрушыць засць начную,
сустрэчы нашай днём блісне.
Са мною Ён Цябе пачуе,
з Табой пачуе Ён мяне.