Мне помніцца студзеньскі вечар,
Што ладзілі сябры мае,
І першая наша сустрэча,
І жвавыя вочы твае.
Я стрэў іхны позірк адразу,
Як казку, як ваблівы сон;
Хацелася зь імі быць разам
Шмат радасных ночаў і дзён.
Так блізка і гэтак далёка
Была ты. Адвагі ня меў,
А глянуць глыбока-глыбока
Я ў самыя вочы хацеў.
Бы сон, адляцелі дні тыя,
А зь імі – і радасьць, і сум.
Былога ўспаміны жывыя
У сэрцы сваім я нясу.
Нясу... хоць за тысячы гоняў
Ад бацькаўcкіх гоняў цяпер.
Штодня – ў адзіноцтва палоне,
Мне сумна тут, Ніна, павер.
А ты... там цяпер, дзе прыгожасьць
Прастораў ля Гайны-ракі;
Згадаю – мне сэрца трывожыш,
Віеш успамінаў вянкі...
І сёньня спаткаў я дзяўчыну
У гэтай чужой старане,
Хацелася крыкнуць ёй: Ніна!
Ды потым стрымаў сябе... – не!
А вельмі падобная... тая
Паходка і рухі, той склад...
Стан стройны... усьмешка такая-ж
І гэткі-ж блакітны пагляд.
Адкуль яна? Можа зь мясьцінаў
Маёй незабытнай зямлі?
Кудой і шляхамі якімі
Папала сюды і калі?
А я на дзяўчыну нясьмела
Зірнуў і вачыма правёў...
І сэрца маё зашчымела
Тугой па радзіме сваёй;
Па нівах – прыгожых кілімах,
Па ўзгорках, крыніцах, лясох;
Тугой па дзяўчыне любімай,
Па ейных блакітных вачох.
Ах вочы, блакітныя вочы,
Зь якой вы такой стараны?
Чаму вы ў спакойныя ночы
Мае непакоіце сны?