Ісh weiss nicht, was soll es bedeuten,
Das ich so traurig bin.
Heinrich Heine*
Ёсць месца такое ў лесе,
з ім можа зраўняцца рай.
Там, на Палессі
жыве мая Лёрэляй.
Як тая казуля
між сініх азёр,
у зрэбнай кашулі —
палескі узор.
Як нас разлучыла ліха —
таму ужо колькі год,
над Прыпяцяй плаўнаю, ціхай
гарыць задуменны заход.
Гадаючы ўсё аб нечым,
на бераг, дзе бору край,
самотная, кожны вечар
прыходзіць мая Лёрэляй.
Сама не свая такая,
як бы на якую бяду,
яна мяне ўсё гукае —
а мо да яе я прыйду.
Стаіць у прасторы сінім
і моліцца ўсім святым,
ды голас яе бяссільны
вяртаецца рэхам пустым.
Рака пачынае хліпаць,
хвалямі біцца ў край.
Баюся, што кінецца ў Прыпяць
мая Лёрэляй.
* Я не ведаю, чаму я такі журботны. Генрых Гейнэ (ням.).