Мне сягоння зусім не спіцца...
Сэрца поўнае яснаты.
Два пярсцёнкі і завушніцы -
гэта ўсё, ў чым адзета ты.
Пазірае раўніва поўня.
Вецер шыбу крануў рукой.
Хоча ён да твайго улоння
прытуліцца хаця б шчакой...
Вось такой мне і будзеш сніцца,
як збяруцца у гай гады.
Два пярсцёнкі і завушніцы -
гэта ўсё, ў чым адзета ты...