На схіле дня святла яшчэ даволі,
Вільготны цень кладзе дубоў сям'я.
О, як патрэбны мне твае далоні,
Любоў мая.
Калі стамлюся некалі праз меру,
Адчуць бы мне падтрымку рук тваіх;
I я ў прыліў магутных сіл паверу,
Бо мы ўдваіх.
Прыкмеціш, што ўскіпаю недарэчы
I слова крыўднае сказаць хачу, —
Ты апусці далоні мне на плечы,
I я змаўчу.
Дубы на позні дол ссыпаюць лісце,
I ў кожнага зямны кароткі век.
Ў мой лістапад няшумны дакраніся
Маіх павек.
I я адчую, ўбачу, невідушчы,
Далонямі тваімі ўбачу я
Ў палёце ластаўку, рабіну ў пушчы,
Любоў мая.