Твой востраў зусім не бязлюдны.
А я... як той карабель,
Праз рыфы мерыдыянаў
Шукаю тваю паралель.
Твой востраў тугі і кахання.
Плыву, супыняюся — мель.
Трашчыць абшыўкай тумана
Магутны мой карабель.
Сплывае запознены ранак
За небакрай, бы ў нябыт.
На хвалях кахання і здрады
Кідае, як трэску, наш плыт.
Кідае наш плыт на бераг —
Часцінку майго карабля.
На востраў зусім не здзічэлы,
З каронаю караля.
А ты — мая каралева.
Пены марской вуаль.
Глядзіш направа й налева,
А я запрашаю на баль.
На востраў воўчых харомаў,
У логава без святла...
У бездань ляціць карона,
Згарае мой плыт да тла.
Зліліся туга і жаданне
З ваўчынаю сівізной,
I горыч, і слодыч кахання —
Я стаў каралём з табой.