Не хапае цябе... I за гэта...

Ваша адзнака: Нет (10 галасы)

Не хапае цябе... I за гэта
я сябе ненавіджу ізноў.
Новым днём, як бліскучым паркетам,
не сагрэць нерухомую кроў.
Мне б закінуць свой гонар далёка,
падысці, проста так падысці.
Ну, а потым падатлівым сокам
праз жыццё тваё прагна прайсці.
Дараваць, як даруе жанчына,
і забыцца падманлівым сном.
Усміхацца без пэўнай прычыны
і тварыць пад агульным святлом.
Толькі гэтай ілюзіяй простай
я жыву і спяваю яшчэ.
I сваёй адзінотаю вострай
прытупляю вар'яцтвы начэй.