Я шукала цябе на разбураных вуліцах памяці,
як апошні прамень, за які мне трымацца ў жыцці.
У каменным дажджы маё сэрца цяпер раствараецца,
пад аховай яно — і па ім немагчыма прайсці.
Я шукала цябе, а знаходзіла цені забітыя.
I сябе пазнавала ў іх душах крывых і вачах.
Я звалілася ўніз, і вышыні, хлуснёю размытыя,
спачуваннем залізваюць раны — разгорнуты жах.
Я шукала... А хто адшукае мяне і адкрые мне
свет, дзе крылы — пачуцці любімых вачэй.
Гэту мару схаваю пад свежым трывалым інеем,
каб ніхто не заўважыў, што я не кахала яшчэ.