Не я там быў, не я, на жаль,
Калі вячэралі пры свечках,
Ты не са мной ішла на баль,
Размову не вяла аб вечным...
А я ўсё ўводзіўся ў зман,
Чакаў - чаго, і сам не ведаў...
Жыццём напісаны раман,
Але сабака ім паснедаў!
Завеі ў чэрвеньскія дні -
Бываюць і такія цуды!
І страчваюцца карані
З-за паўсядзённасці і бруду!
Але шчэ страчана не ўсё -
Мільярды зор на небасхіле!
Рыхтуй скарбонку-парасё -
Адновім тое, што згубілі!
Заўсёды для мяне была
Ты найвялікшаю спакусай!
Ужо поўня бурбалкай усплыла,
Так пакахай жа беларуса!
Рым, Лісабон, Мадрыд, Парыж -
Няўжо ярчэй там свеціць сонца?
Пакрыўдзіў? Ты ізноў маўчыш -
Ізноў з замахам на бясконцасць...
На досвітку ўзбудзі мяне,
Хаця... я сёння спаць не буду:
Каб ведаць - гэта ўсё не ў сне,
Каб верыць у здзейсненыя цуды!