Ноч весняю мембранаю трымціць...

Яшчэ не ацэнена

Ноч весняю мембранаю трымціць,
Пад небам —
толькі ты і толькі я...
Ды ў лазняку надрэчным,
у трысці,
Трывожна б'ецца песня салаўя...
Чаму,
чаму так лічыцца ў людзей,
Нібыта шчасцю ён — найпершы брат,
А песня ж салаўіная —
з надзей,
I шчасця ў салаўя —
зусім не шмат...
Сакрэт пазнаў я!
I аберагу —
Як ён —
тваё каханне і красу.
Цяпер я ўсё,
усё, як ёсць,
магу —
Я песню салаўіную
нясу.