Упадзе на тваё плячо
Галава –
як на плаху.
Што ж баішся ты –
не дзяўчо –
Сеч з размаху?..
Не бяжы,
не ўцячэш ад сябе,
Памяць лодкай ударыцца ў бераг…
Буду клікаць цябе –
да цябе,
Буду клікаць.
І буду верыць.
Буду садам тваім па вясне,
Буду ў полі сцяжынкай забытай:
Перапёлка на золку засне –
Прыбягай дажынаць сваё жыта.
Буду цёплаю муравой
На тваіх лугах-сенажацях,
Буду ў Нёмана сіні сувой,
Як русалку, цябе спавіваць я,
Буду раніцай лёгкім дымком
Над страхой тваёй віцца ў просінь,
Буду ціхім дамавіком.
Сны жаданыя ў хату прыносіць.
Буду днём і ноччу лунаць
Над усмешкай тваёй
і над песняй…
…Прадчуванняў
напята струна.
Што забыта даўно, –
уваскрэсні!