Чаромхі горкі пах...
Зялёных дрэў красунак...
Пялёсткі на тваіх губах -
мой пацалунак.
Спяшаўся я і не паспеў:
заспела ранне...
Ляснога ветру спеў -
маё прызнанне.
Прайду дажджом, з’яўлюся сном,
мільгну трывожным ценем.
Шум вяза пад тваім акном -
маё трызненне...
Куды твой шлях ні павядзе –
і я там буду.
Не азірайся
анідзе –
з табою я ўсюды...
Марыя, чуй,
Марыя, стой!.. –
варожыць ноч глухая.
А ты бяжыш… І за табой
бязмоўнае: кахаю!..