Уначы ля цёплае вярбы,
У лістах стуліўшыся, вясна
Веек не магла падняць ад сна,
Толькі з рэхам жураўлінае трубы
Ранкам прахапілася яна.
Адгрымеў за вёскай крыгалом.
Вылецела з вулею пчала,
І дзяўчынка з гладыша нагбом
Першы сок бярозавы піла.
І такім прыгожым здаўся твар,
Блізкі мне да кожнае сузлінкі,
Сонца сакавіцкага загар
З першаю вясновай рабацінкай.
Нечакана ў гэты ясны час
Сталася на свеце дзіва,
Хоць я з ёю бачыўся не раз,
Ездзіў у начное, на папас, -
Зразумеў упершыню, што быў шчаслівы.
Пакідала нас маленства цішыня,
Казка саступала месца былі,
І адчулі мы: у птушанят
Выраслі ўжо для палёту крыллі.
Значыцца, прышла-такі яна,
Тая, што была жаданай, крэўнай, -
Маразамі скутая вясна,
Казачная, мілая царэўна.