Кінуты гаспадаром няўдзячным,
Ён памкнуўся быў за ім услед.
Доўга ў цемры бег, пакуль не ўбачыў,
Што ўжо не дагоніць, што аслеп.
Ледзь навобмацак прыпоўз у прысак
Каля прыдарожнае лазы,
У гарачы жвір уткнуўся пысай
I счарнелы прыкусіў язык.
I сканаў бы — спамінай як звалі,
I які быў верны ён, агонь,
Калі б гэтай ноччу не прысталі
Двое закаханых да яго.
Быццам пасля доўгае разлукі
Папрасілася да сябра на пастой, —
I, ласкавыя адчуўшы рукі,
Ён падскочыў, замахаў хвастом.
I такой пяшчотай і любоўю
Агарнула ўзлесак цішыня —
Родныя, жаданыя абое
Застануцца тут ажно да дня!
I з'ядналіся адным даверам —
Цемра са святлом, з душой душа...
Ціха спалі дрэвы ў змроку шэрым,
I ўздыхала сонная шаша.
Хто пра шчасце іх, траіх, раскажа?
He пытай ні ясень, ні сасну.
I агонь знябыўся, не заўважыў,
Як на досвітку і сам заснуў.