Пачуцці заглушу і боль знясу
маіх з табой адносінаў няўдалых.
Аб гэтым нагадае толькі сум
тваіх вачэй, прыгожых і адданых.
Ды гэта будзе сум самотны мой,
хоць у вачах тваіх ён адаб'ецца,
хоць можа бліснуць ён на іх слязой,
але ў душы тваёй не знойдзе месца.
К табе ён зойдзе — выпадковы госць.
Ды высахне, бы ў весну, тая слота.
I сумную пакіне прыгажосць,
што не назваць прыгожаю самотай.
Не будзеш сумаваць, і не чакай:
табе да восені яшчэ далёка,
яшчэ квітнеючы наступіць май,
шчэ будзе летняя пачуццяў спёка.
Не бойся ты, не праміне цяпло
(хаця яго заўжды здаецца мала),
і ты не ўспомніш, як і не было,
маіх з табой адносінаў няўдалых.