ПАД МІЛАВІЦАЙ

Яшчэ не ацэнена

Я ў небе Мілавіцы не знайшла,
Магчыма, што была я не з табою,
І ўся другому спетая хвала –
Без шчодрай і без радаснай любові?

А ноч чарнічная загадкава звяла
Шляхоў малочных вузенькія бровы.
І ля вачэй салёная імгла
Мне не дала прамовіць нават слова.

Бо слоў не трэба і не трэба сноў,
Каб долю мне з табою напрарочыць.
Адно – пад Мілавіцай стрэцца зноў
І паглядзець адзін другому ў вочы.

І звар’яцець ад тых знаёмых рук,
І вуснаў, што даўным-даўно спялілі
Маё каханне, сэрца дзіўны стук,
Пасцелю, што ўдваіх раней дзялілі.

Адведзена хоць будзе пару дзён
На светлае ўзаемнае каханне,
На Мілавіцы погляды звядзём,
Знайсці каб шлях да нашага вяртання.