Паглядзі на мой заручальны пярсцёнак —
памятаеш:
на ім знавА мігцелі наразныя палоскі, фігуркі?
Але колькі яму давялося паспытаць —
гатаваў абед і мыў бялізну,
калыхаў дзяцей і шыў фіранкі,
палоў агарод і сушыў сена,
пісаў вершы й галубіў тваю галаву...
Паглядзі на мой заручальны пярсцёнак —
бачыш:
амаль незаўважнымі сталі тыя палоскі, фігуркі.
Але разам з імі сцерліся
і нашы непаразуменні, крыўды й сваркі.
Паглядзі на мой заручальны пярсцёнак —
ён блішчыць
яшчэ больш, чым знава.
Бо ў маё каханне да цябе
ўлілася шчырая любоў дачкі й сына.
Беражы гэты дар!