Пастукаўся ў шыбу верабейка.
От шчабятун, не даў дагледзець сон.
Прыадкрываю склееныя вейкі:
Сядзіць – мой шэра-рыжы паштальён.
Праз фортку крошак хлебных сыпанула:
“Частуйся, дружа, будзеш прылятаць!”
Да сэрца спадзяванне прыільнула:
А можа? Як жа цемры прычакаць?
У акно пастукаў вечар навагодні.
І чую: хтось ступае на парог!
– Вам тэлеграма! Ну й мароз сягонні…
“Віншую. Шчасця. Прыляцець не змог!.. ”
* * *