Пахне спелай антонаўкай восеньскі сад…

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Пахне спелай антонаўкай восеньскі сад…
Пастаю, адыду і вярнуся назад.
Ціха, яблык, не падай,
Не будзі маю радасць,
Да відна не будзі,
Пасядзі
На галіне –
Хай паспіцца дзяўчыне.

А крыніца паціху булькоча ў кустах
Аб зялёных вачах і аб мілых руках,
Што красуня лясная
Пра мяне ўспамінае…
Дык, ручай, не шапчы,
Зацурчы
Па даліне, -
Час прачнуцца дзяўчыне!

І мы самі, як хвалі крынічнай пары,
Цераз луг, цераз свет паплывём на зары.
Ужо нашы прасторы
Там, дзе месяц і зоры.
Хутка ноч праміне,
У акне
Стала сіне, -
Час выходзіць дзяўчыне!