Пальчык

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Прыклала свой пальчык да вуснаў: «Маўчы...»,
Вяла па прыступках мілосьці ў нябёсы...
Мне помніцца млосная сьпеўнасьць начы,
Якая сьпяліла сьвітальныя росы.

Люляў нашы душы акрылены сплаў
Бунтоўнай свабоды і ціхай пакоры
У ложку з густых, долам высланых траў,
З адбітых у кропельках сьвежасьці зорак.

Плыве праз жыцьцё цуд са мной і цяпер,
Яго не замгліла расхлістанасьць долі,
Бо пальчык —
Да шчасьця ўказальны той перст —
На вуснах ляжыць і ня зьнікне ніколі.