Дождж быў сьляпы...
Я добра помню,
Бо на душы яго таўро.
Наперарэз гарачым промням
Ляцела зь неба серабро.
Нібы дзіця, што мела цацкі,
Ды ўраз пазбавілася ўцех,
Цябе палонілі зьнянацку.
Адначасова плач і сьмех.
Сказаліся ня тыя словы,
Але ня вернеш іх назад.
Надзея стала выпадковай,
Усё было ўжо неўпапад...
Тым успамінам нецьвярозы
Праз дождж сьляпы
Туды гляджу...
Халодзяць мілы тварык сьлёзы
I кроплі сьмелага дажджу.