Пярнуская балада

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

ПЯРНУСКАЯ БАЛАДА
Восень прабралася ў Пярну.
Восень ужо, і не дзіва -
Сёньня ў Эстоніі хмарна,
Заўтра тут будзе дажджліва.

Ёсьць яшчэ недзе жаданьне
Выйсьці да мора на бераг,
Смутак шукаючы даўні
Ў хвалях прастуджаных шэрых.

Сэрца ахутаўшы цалкам
Шумам, ды пенай марскою,
Думак шматлікіх кавалкі
Знойдуць там месца спакою...

Ліпень аднекуль узьнікне
Песьнямі Валгрэ ды джазам,
Цела да сонца прывыкне,
Будзем мы побач і разам.

Ветразяў белых клінамі
Зрок далягляд прывітае:
Чайка заплача над намі,
Быццам аб чымсьці спытае.

Кубачак белы на сподку
Чорнай дурманячай кавы,
Створыць сустрэч асалодку
Прысмак разлукі гаркавы.

Дні прагартаўшы і ночы,
Пройдзе кавалачак лета...
Валгрэ, кавярню і вочы -
Хто цяпер верне ўсё гэта?..