На зямлі двое нас шчаслівых,
бо ніводнай душы наўкола…
Нас кранула пяшчота ліўня
таямнічым крылом анёла.
Называеш мяне ты – мілым.
Я цалую твае павекі.
Нас кранула пяшчота ліўня
з гэтай летняй начы навекі.
Час ішоў, ці мо ў ім плылі мы –
не згадаецца нават потым.
Толькі ўдзячнасць не пройдзе ліўню
за бясконцасць яго пяшчоты.