Павольна спее навальніца
Сярод засмяглай цішыні...
Буйнымі гронкамі зарніцаў
Змрок набухае ўвышыні.
А постаць белая ў трывозе,
Як здань, мільгае пры акне –
Каханы позніцца ў дарозе:
Хай непагадзь яго міне.
Захвалавалася каханка:
За тупатам дажджын услед
Мільгнуў, асветлены маланкай,
Яго знаёмы сілуэт.
Дыханне сушыць вільгаць твару,
Ад цеплыні ўзаемнай іх
На вопратцы знікае парай
Вільготнасць кропляў дажджавых.
Пад бляск маланкі ў гэткім стане
У ноч рабінавую ім
Аголены ўвесь свет паўстане,
Абмыты ліўнем агнявым.