Паліне
Ты, калі ласка, зноўку апрані
Зялёную ці сінюю сукенку,
Як некалі ў свайго юнацтва дні
Любіла апранаць напераменку.
Ты думаеш, што надакучыў мне
Іх колер,
назаляць якім не трэба?
А ён нагадвае мне аб вясне,
Напамінае пра зямлю і неба.
Бо як бы ні змяніліся ўжо мы,
А па-ранейшаму заўсёды
зноўку
Прываблівае зрок пасля зімы
Зямля
сваёй зялёнаю абноўкай.
Людзей кранае кожны раз да слёз
І радуе іх позірк чалавечы
Бязвоблачная цішыня нябёс
Сваёй
ад сонца выцвілай
сінечай.